21 лютага - Міжнародны дзень роднай мовы

21.02.2023

Міжнародны дзень роднай мовы заснаваны ў 1999 годзе рашэннем Генеральнай сесіі ЮНЕСКА і штогод адзначаецца 21 лютага. Галоўная яго мэта – захаванне моўнай і культурнай разнастайнасці ў свеце, падтрыманне нацыянальных моў і культур, а таксама забеспячэнне права кожнага грамадзяніна карыстацца роднай мовай.

Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яе носьбіта.

Родная мова, цудоўная мова!

Ты нашых думак уток і аснова!

Матчын дарунак ад самай калыскі, ты самацветаў яскравая нізка.

Кожны з іх барвы дзівосныя мае, вечным агнём зіхаціць не згарае.

Ты мне заўсёды была дапамогай, дзе б і якой ні хадзіў я дарогай.

Чую ў табе перазвоны крыніцы, чую ў табе і раскат навальніцы,

Чую павевы зялёнага бору, водгулле працы ў родным прасторы.

Кожнай драбнічкай ты варта пашаны, кожнае слова вякамі стварана.

І на вякі яно жыць застаецца, вечнае так, як народнае сэрца.  (У. Дубоўка)

Ва ўстанове адукацыі прайшоў конкурс чытальнікаў «Гучы, родная мова». У выкананні педагогаў прагучалі літаратурныя творы Я.Купалы, В.Вярбы, М. Багдановіча,  К. Крапівы, Д. Бічэль-Загнетавай, А. Ставера, А. Міцкевіча, П. Броўкі, А. Янкоўскага, Н. Пранчак. Паэтычныя творы былі розных  жанраў: вершы, паэмы, байкі, балады. Удзельнікі мерапрыемста чыталі творы пра самыя галоўныя каштоўнасці ў жыцці кожнага беларуса – Радзіму, сям’ю, сяброў, мір, родную мову. Мерапрыемства прайшло ў атмасферы творчага ўзаемадзеяння, прынесла яскравыя эмоцыі спаборніцтва і замілавання прыгажосцю і мілагучнасцю беларускай мовы.

Cёння ў свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія – мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна мова, якая завецца роднай. Менавіта на гэтай мове ён размаўляе з роднымі, сябрамі, знаёмымі. І вельмі дрэнна, калі чалавек пачынае забывацца на сваю мову, не шануе яе.

Мова – гэта вялікі народны скарб. Яе нельга не паважаць, як нельга не паважаць родны народ. (І.Мележ)

Ніякае багацце людзей не бывае даражэйшым за іх родную мову. (Я.Колас)

Трэба любіць, ведаць і шанаваць мову свайго народа і ўмець дасканала валодаць ёю. (Я.Колас)

Толькі праз родную мову чалавек можа стаць беларусам, бо ў ёй хімія і фізіка, гісторыя і батаніка, эканоміка і культура таго, што называецца нацыяй, народам. (Я.Сіпакоў)

Любіце і шануйце, як святыню, роднае слова, з якім вас літасцівы Бог на свет пусціў. (Ф.Скарына)

Хто забыў сваіх продкаў – сябе губляе, хто забыў сваю мову – усё згубіў. (У.Караткевіч)

Мова, прыгожае пісьменства, паэзія, музыка ‒ сродак сувязі між душамі людзей, вышэйшы сродак. (У.Караткевіч)

Выбірай: быць пасрэднасцю на мове суседа або нечым значным на сваёй. (У.Караткевіч)

Мова – гэта этыка. Гэта наша спрадвечнае разуменне таго, што ёсць дабро і што ёсць зло, зашыфраванае ў словах. (В.Марціновіч)

Бог размаўляе з табой на тваёй роднай мове. (Л.Дайнека)