Каб родная мова гучала!

21.02.2020

Каб гучала родная мова.

                Не знiшчым мы, не страцiм, не загубiм

Сваiх лугоў, сваіх азёр, сваiх лясоў.

I родны край, i мову не разлюбiм.

У кожным сэрцы гэты дзеяслоў.

                                   В. Гардзей

Cёння ў свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія – мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна мова, якая завецца роднай. Менавіта на гэтай мове ён размаўляе з роднымі, сябрамі, знаёмымі. І вельмі дрэнна, калі чалавек пачынае забывацца пра сваю мову, не шануе яе. Родная мова шмат не патрабуе. Але калі ўжо назваў яе роднай, калі лічыш яе такой для сябе – павінен жа быць перад ёй хоць нейкі абавязак.

21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы.

Гэта яшчэ адна нагода, каб кожнаму беларусу задумацца аб лёсе нашай мовы, аб той бясцэннай спадчыне, што засталася нам ад прадзедаў, аб тым багацці, якім мы, беларусы, павінны валодаць ужо толькі таму, што нарадзіліся і жывём ў Беларусі.

Напярэдадні святкавання гэтага дня ў  ДУА прайшоў  тэматычны тыдзень «Каб гучала родная мова». Мэта тыдня: садзейнічаць узнікненню цікавасці да беларускай мовы, выхаванню любові да беларускага слова, гісторыі свайго народа.

На гэтым тыдні выхаванцы, апранутыя ў беларускія нацыянальныя касцюмы,  спявалі  беларускія песні, гулялі ў беларускія народныя гульні,  вадзілі карагоды, чыталі вершы, знаёміліся з беларускімі цацкамі, промысламі, традыцыямі.

Кульмінацыяй тыдня было этнаграфічнае свята «Мой родны кут», героямі якога былі Паўлінка і Несцерка, якія падрыхтавалі для дзяцей цікавыя спаборніцтвы.

Бацькі разам з выхавальнікамі падрыхтавалі тэатральныя пастаноўкі  беларускіх народных казак, якія з цікавасцю назіралі дзеці. Для бацькоў былі падрыхтаваны кансультацыі, выставы  дзіцячых беларускамоўных часопісаў, яны сталі ўдзельнікамі круглага стала «Вучымся размаўляць па-беларуску».

Для педагагічных работнікаў  выхавальнікамі Ланчук М.У. і Мамайка Т.В. былі арганізаваны калектыўныя прагляды заняткаў па адукацыйнай галіне «Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін».  Выхавацелі ўсіх груп прынялі ўдзел у аглядзе-конкурсе беларускамоўнага  асяроддзя ў групах,  прадэманстравалі гульні, зробленыя сваімі рукамі.  Для педагагічных работнікаў была праведзена дзелавая гульня  «Гучы, родная мова».  

Раскрыць дзецям прыгажосць роднай мовы, паказаць яе мiлагучнасць –

 адзiн са шляхаў выхавання любвi да сваей Радзiмы. Дык будзем з замiлаваннем услухоўвацца ў нашу мову, разам вучыцца мове, далучацца да невычэрпных крынiц беларускай лiтаратуры, мастацтва, гiсторыі роднага краю.

Дык не дайце  загінуць ёй, жывой і непаўторнай, “з легендаў і казак” сатканай, “вобразнай, вольнай, пявучай”,  цудоўнай роднай мове.